ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ АСТА́ШЫНСКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Знаходзіцца на паўд. ускраіне в. Асташын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату (авоіды ад 1 да 3 см) і мускавіту. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,9 м, у абводзе 9 м, аб’ём 3,6 м³, маса каля 10 т. Прынесены ледавіком 220—150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў Балтыйскага мора. Горная парода пры транспарціроўцы знаходзілася ў актыўнай зоне ледавіка, дзе набыла пляскатую, выцягнутую форму, падобную на цэглу. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 17, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)